УНІВЕРСА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, якая грамат. катэгорыі мовы тлумачыць праз катэгорыі мыслення. Наз. таксама ўсеагульнай, агульнай, рацыянальнай, філас., аналітычнай граматыкай. Бярэ пачатак у грамат. уяўленнях антычнасці. Найб. поўна ўвасоблена ў граматыках 16—17 ст.: грамат. трактат «Мінерва, або Аб прычынах лацінскай мовы» Ф.Санчэса (Іспанія), «Гермес, або Філасофскае даследаванне, якое тычыцца мовы і універсальнай граматыкі» Дж.Харыса, «Тэорыя мовы» Дж.Біты (Англія) і інш. Найб. вядомая з такіх спроб — Пор-Раяль граматыка. У пэўнай ступені У.г. захоўваецца ў сучаснай т.зв. школьнай граматыцы.
У аснове пабудовы У.г. ляжыць даўняе ўяўленне пра мову як просты адбітак мыслення: слова — паняцце, сказ — суджэнне, часціны мовы — пэўныя катэгорыі мыслення і г.д. Такія суадносіны маюць месца, але яны не носяць абсалютнага несупярэчлівага характару, таму што сістэмна-структурная арганізацыя адзінак мовы мае ўласныя прынцыпы, свае законы пабудовы і ў мове ёсць таксама адзінкі плана выражэння, якія ўвогуле не суадносяцца з адзінкамі значэння (фанемы, склады) або фарміруюць іх уласнымі, «пазалагічнымі» сродкамі (безасабовы сказ, выклічнікі і інш.). З сярэдзіны 18 ст. адрозніваюць «граматыку навукі» (пераважана логікі) і «граматыку мастацтва». 1-я абавязкова выяўляецца ва ўсіх мовах як сродак мыслення, 2-я складае спецыфіку, адметнасць кожнай асобнай мовы. Гэтыя ўяўленні адыгралі ў гісторыі мовазнаўства станоўчую ролю, прывялі да складвання агульнага мовазнаўства, параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, тыпалагічнага мовазнаўства і прыватнага мовазнаўства.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)